ПАДУШКАПАДО́БНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

шматгадовыя травяністыя (радзей дрэвавыя), звычайна вечназялёныя расліны без выяўленага гал. ствала з пакарочанымі, моцна разгалінаванымі і цесна размешчанымі парасткамі. Рост парасткаў у даўжыню вельмі абмежаваны, што прыводзіць да ўтварэння агульнай, нібы падстрыжанай паверхні — падушкі. Пашыраны ў зонах з надзвычай неспрыяльнымі кліматычнымі ці глебавымі ўмовамі, на асветленых адкрытых месцах існавання — у тундрах, альпійскім поясе гор (гл. Альпійская расліннасць), на акіянічных узбярэжжах (антарктычныя астравы). Вышыня П.р. ад некалькіх сантыметраў (напр., мак палярны) да 1 м пры дыяметры ў некалькі метраў (напр., пікнафілюм).

т. 11, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)